У Мінску злавілі ілжэміліцыянта, які вымагаў грошы
Ім выявіўся былы супрацоўнік міліцыі, даўно звольнены з органаў унутраных справаў.
Як паведамляе БелаПАН, 22 траўня 38-гадовы жыхар Койданава ў форменным абмундзіраванні падпалкоўніка міліцыі у адным з мінскіх двароў прадставіўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Кампаніі, якая выпівала на лаўцы ў двары, ён прыгразіў выклікам міліцыі. Тыя прапанавалі залагодзіць канфлікт на месцы. Запатрабаваных ілжэ-падпалкоўнікам 100 тысяч рублёў у кампаніі не знайшлося, і ён абмежаваўся 35 тысячамі.
Падазрэнні ў сапраўднасці міліцыянта ў кампаніі ўзніклі пасля таго, як ён адышоў да іншай лаўкі і стаў выпіваць сам. Пабачыўшы гэта, ахвяры махлярства звярнуліся ў міліцыю.
Ілжэміліцыянта затрымалі, крымінальную справу на яго пачаў Следчы камітэт. Падчас разгляду высветлілася, што ілжэміліцыянт калісьці сканчаў Акадэмію МУС, але потым быў звольнены з органаў унутраных спраў па дыскрэдытацыйных падставах.