У Мінску з'явіцца шыльда ў памяць міністра, які ваяваў з "ляснымі братамі"
2 сакавіка пачынаюцца мерапрыемствы, прысвечаныя 95-й гадавіне стварэння беларускай міліцыі.
Спачатку міністр унутраных спраў Анатоль Куляшоў сустрэнецца з ветэранамі і найлепшымі маладымі супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, а таксама з сем'ямі загінулых міліцыянтаў. Пасля гэтага адбудзецца ўрачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі памяці генерал-палкоўніка Сяргея Бельчанкі (1902 — 2002). У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў адным з арганізатараў і кіраўнікоў савецкага партызанскага руху ў Беларусі, у 1943-1953 гадах узначальваў Міністэрства ўнутраных спраў рэспублікі, паведамляе БелаПАН.
У паведамленні прэсавай службы МУС адзначаецца, што "Бельчанка... асабіста кіраваў штабам па ліквідацыі бандфарміраванняў" у паваенныя гады. Вядома, што ў кастрычніку 1946-га ў Мінску ў міністра страляў снайпер і Сяргей Бельчанка атрымаў лёгкае раненне.