У Міры на 7-гадовага хлопчыка абрынулася мемарыяльная шыльда
Трагедыя здарылася ў суботу 30 ліпеня ў касцёле святога Мікалая.
Як піша nn.by, у касцёле вянчалася маладая пара. Сярод гасцей быў 7-гадовы хлопчык Ігнась з Брэста. На вяселле ён прыехаў з бабуляй. Падчас вянчання хлопчык апынуўся каля нішы ў сцяне, дзе вісела мемарыяльная дошка ў гонар Ігната Дамейкі. Невядома, ці сама дошка ўпала, ці хлопчык да яе дакранаўся. Але ў выніку яна адвалілася ад сцяны і абрынулася на дзіця. Дошка важыць больш за 200 кг, таму шанцаў выжыць у хлопчыка не было.
Вядома, што шыльда пэўны час вісела побач з касцёлам на вуліцы, а некалькі гадоў таму яе перанеслі ўсярэдзіну. Усталёўвалі яе супрацоўнікі адной з мінскіх фірмаў.
Здарэнне ў Мірскім касцёле расследуе Мінская абласная пракуратура.