У Польшчы — дзве аварыі з удзелам беларускіх грузавікоў (фота)
Абедзве яны адбыліся 23 жніўня ў Падляшскім ваяводстве Польшчы. У выніку два чалавекі загінула і пяць трапілі ў шпіталь.
Пра здарэнні паведамляе падляшская паліцыя. Кіроўца легкавога аўтамабіля Fiat не звярнуў увагу на знак STOP і сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем, якім кіраваў 49-гадовы беларус. У выніку сутыкнення аўтамабіляў адзін пасажыр легкавога аўтамабіля загінуў, а чацвёра былі шпіталізаваныя.
Праз паўгадзіны пасля першага здарэння адбылася другая аварыя. З невядомых прычынаў кіроўца грузавога аўтамабіля выехаў на сустрэчную паласу руху, дзе сутыкнуўся з іншым грузавіком. У выніку гэтага польскі кіроўца загінуў на месцы, а 43-гадовы беларускі кіроўца ў цяжкім стане быў шпіталізаваны. Хто выехаў на сустрэчную — беларус ці паляк, не паведамляецца.


