У Расіі звольненыя кіраўнікі "Коммерсанта" і "Большого города"
Абодва выданні адзначаюцца крытычным настроем да Крамля.
Галоўны рэдактар маскоўскага часопіса "Большой город" Філіп Дзядко ўвечары ў сераду змясціў на сайце выдання калонку, у якой паведаміў, што нумар 13 чэрвеня стане для яго апошнім. Пры гэтым рэдактар горка панаракаў на "зачыстку крыніц незалежнай інфармацыі".
Дзядко ўдакладніў, што апошнім па часе прыкладам "зачысткі" лічыць адстаўку гендырэктара холдынгу "Коммерсант" Дзям'яна Кудраўцава, пра якую было абвешчана ў сераду ўдзень. Праўда, сам Кудраўцаў заклікаў не шукаць палітыку ў яго звальненні.
"Коммерсант" ужо абвясціў, што замест яго холдынгам будзе кіраваць Дзмітрый Сяргееў. Раней ён працаваў у "ЮТВ Холдынгу", у якім няма СМІ грамадска-палітычнага зместу, перадае ВВС.
Дарэчы, Кудраўцаў заняў пасаду гендырэктара холдынгу толькі ў траўні. У снежні летась ён падаў у адстаўку з пасады кіраўніка выдавецкага дома "Каммерсант". Гэта адбылося пасля звальнення некалькіх топ-мэнэджараў за публікацыю на вокладцы часопіса "Коммерсант-Власть" фотаздымка выбарчага бюлетэня з матам у бок Пуціна.