У расійскім Капейску жорстка разагналі сваякоў вязняў (відэа)

Менавіта ў гэтай вязніцы, як перадаюць праваабаронцы, асуджаныя скардзяцца на шматлікія выпадкі вымагальніцтва і прымусу з боку адміністрацыі. У суботу стала вядома, што каля 250 вязняў калоніі №6 у Капейску адмовіліся выконваць патрабаванні турэмнай адміністрацыі, патрабуючы палепшыць умовы ўтрымання. Сярод іншага вязні патрабавалаі вызваліць некалькіх чалавек, змешчаных у штрафны ізалятар.

Пазней каля агароджы калоніі сабраліся каля 250 сваякоў зняволеных. Частка з іх праз некалькі гадзін сышла, а астатнія, па звестках паліцыі, сталі абражаць і кідаць бутэлькі ў супрацоўнікаў АМАП.

Паліцыя паведамляе пра затрыманне 38 чалавек. Іх вінавацяць у парушэнні грамадскага парадку каля калоніі, інфармуе ВВС. Таксама, паводле афіцыйнай версіі, пры спробе затрымаць гэтых людзей пацярпелі восем паліцыянтаў.

Каля 60 сваякоў і сяброў зняволеных застаюцца паблізу калоніі. Стыхійная акцыя пратэсту бесперапынна працягваецца ўжо каля сутак. Вязні таксама застаюцца на дахах будынкаў у калоніі.

Паведамленні пра падзеі ў Капейску застаюцца супярэчлівымі. Абласная пракуратура ў нядзелю адмаўляла збіццё і калецтва зняволеных у калоніі. У расійскай блогасферы распаўсюджваліся звесткі, што супрацоўнікі адміністрацыі сістэматычна збівалі зняволеных, вымагаючы ў іх вялізныя сумы грошай.

Фота — rusichi-center.ru