У рэйтынгу ўплывовых беларусаў Коля Лукашэнка абагнаў Філарэта і Капскага

Выданне адзначае, што спіс атрымаўся спецыфічны, на чале яго шмат чыноўнікаў, сілавікоў і набліжаных да іх бізнэсоўцаў. Прычына гэтага ў "аўтарытарным рэжыме", бо ў дэмакратычнай краіне рэйтынг быў бы іншым, піша "Наша ніва".

На чале спісу "100 уплывовых беларусаў" прадказальна знаходзіцца Аляксандр Лукашэнка. Яго памочнік па пытаннях бяспекі Віктар Лукашэнка займае другі радок, яшчэ адзін сын кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Лукашэнка (старшыня Прэзідэнцкага спартовага клуба) — на 26-м радку.

Малодшы сын Лукашэнкі Мікалай — 43-ці ў рэйтынгу. Ён абагнаў гендырэктара завода БАТЭ і кіраўніка футбольнага клуба Анатоля Капскага (ён — 45-ы), мітрапаліта Філарэта (50-ы), арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча (57-ы), палітэмігранта Зянона Пазняка (65-ы).

Адзначым, што ў спіс патрапілі трое палітвязняў — Мікола Статкевіч (58-ы), Алесь Бяляцкі (60-ы) і Павел Севярынец (61-ы).