У Швецыі скандал: IKEA выкарыстоўвала працу вязняў

Пра тое, што вядомы канцэрн карыстаўся працай вязняў, паведаміла шведская тэлекампанія SVT. Тэма шырока абмяркоўваецца ў нямецкіх ды аўстрыйскіх выданнях.

Журналісты абвінавачваюць IKEA у тым, што прадпрымальнікі выкарыстоўвалі бясплатную працу вязняў, пры якой цалкам ігнаравалася тэхніка бяспекі і ліміты працоўнага часу.

Як нагадвае Радыё "Свабода", летась было падпісанае інвестыцыйнае пагадненне паміж Беларуссю і літоўскай кампаніяй "Vakarų Medienos Grupė". Згодна з ім, у Магілёве ствараецца дрэваапрацоўчы комплекс, на якім будзе вырабляцца стыльная скандынаўская мэбля. Ініцыятарам праекту выступіла літоўская кампанія, якая мае партнёрскія сувязі з IKEA. Інвестыцыі павінны скласці 64,3 мільёна еўра.

Пра тое, што ў папраўчых калоніях Беларусі выкарыстоўваецца праца вязняў, распавядаюць і самі беларускія зняволеныя. Па іх словах, у некаторых калоніях ёсць майстэрні з ненармаваным працоўным днём. Адміністрацыя не зацікаўленая ва ўмоўна-датэрміновым вызваленні такіх работнікаў і ідзе на гэта толькі ў выпадку, калі тыя знойдуць сабе адпаведную замену. Размова ідзе, сярод іншага, і пра мэблевую вытворчасць. Аднак вязні не ведаюць, ці рабілі яны штосьці менавіта для ІКЕА.