У судзе над Жукаўцом польскі суддзя ўлічыў паказанні неіснуючых сведкаў

Сёння беластоцкі суддзя Шчэсны Шыманьскі зачытаў паказанні 2 сведкаў па справе Жукаўца, якія быццам бы зараз пражываюць на тэрыторыі Латвіі. Не збянтэжыў польскага суддзю і той факт, што латышскія праваахоўныя органы не змаглі знайсці гэтых людзей у Латвіі. Аб гэтым Еўрарадыё паведаміў Андрэй Жукавец.

Паводле прадстаўніка рыжскага акруговага суду, яшчэ двое іншых "сведкаў" з Латвіі дакладна не існуюць у прыродзе. Сведчанні ўсіх 4 сведкаў па справе Жукаўца польскаму боку прадставіла Генеральная пракуратура Беларусі. Гэтыя сведчанні Беларусі  быццам бы былі прадстаўлены латышскім бокам у межах двухбаковай прававой дапамогі паміж краінамі.

У сувязі з выяўленнем фактаў фальсіфікацыі доказаў беларускай генеральнай пракуратурай Андрэй Жукавец папрасіў сёння зачыніць яго справу і вынесці апраўдальны прысуд. Аднак суддзя Шыманскі заявіў, што вынясе вердыкт пасля сваёй паездкі ў Беларусь, дзе ён збіраецца высвятляць акалічнасці справы ў прадстаўнікоў беларускіх праваахоўных органаў.

Нагадаем, што прадпрымальнік і былы маладафронтавец Андрэй Жукавец у Беларусі матэрыяльна падтрымліваў "Малады фронт" і праваабаронцаў. У 1999 годзе Жукавец з'ехаў з Беларусі і папрасіў палітычнага прытулку ў Польшчы. У Беларусі на той час супраць Жукаўца была распачатая крымінальная справа па факце нявыплаты буйнога крэдыту, які Жукавец быццам бы атрымаў ад беларускага банка.