У судзе па справе "Народнай волі" абвешчаны перапынак да 28 сакавіка
Як заявіла суддзя Вышэйшага гаспадарчага суда Кацярына Караткевіч, ёй трэба абдумаць высновы бакоў.
Слуханні па іску пачаліся ў ВГС сёння раніцай. "Народная воля" просіць суд прызнаць несапраўдным папярэджанне Мінінфарма ад 14 студзеня 2011 года. Чыноўнікі ўгледзелі парушэнне закона ў вераснёўскай заметцы "Хто пачуе лозунг "Сыходзь!"?", у якой гаварылася пра пачатак акцыі "Маладога фронту". Выданне папярэджана за "распаўсюджанне інфармацыі ад імя арганізацыі, якая не прайшла ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю", паведамляе БелаПАН.
Як заявіў сёння ў судзе галоўны рэдактар "Народнай волі" Іосіф Сярэдзіч, "папярэджанне Міністэрства інфармацыі не мае пад сабой ніякай глебы" і з'яўляецца "прыкладам цэнзуры ў адносінах да незалежнай прэсы, а таксама непрафесійнага выканання сваіх службовых абавязкаў прадстаўнікамі міністэрства".
Аўтар артыкула, журналістка Любоў Лунёва, заявіла, што яна пісала пра грамадзянскую кампанію "Сыходзь!", якую праводзілі шэраг маладзёжных ініцыятыў, а не пра "Малады фронт".
Сярэдзіч да гэтага дадаў, што ў публікацыі яны цытавалі Дзмітрыя Дашкевіча не як прадстаўніка "Маладога фронту", а як прыватную асобу.
Прадстаўнік істца Гары Паганяйла прывёў суду шэраг прыкладаў, калі дзяржаўныя выданні ў публікацыях узгадвалі не зарэгістраваныя ў Беларусі арганізацыі (напрыклад, НІСЭПД і "Малады фронт"), а таксама давалі слова іх прадстаўнікам.
Аднак на думку прадстаўнікоў Мінінфарма, гэтыя прыклады не маюць адносінаў да гэтай справы. Яны лічаць, што ў публікацыі мела месца заява ад імя незарэгістраванай арганізацыі: Дзмітрый Дашкевіч быў прадстаўлены як лідар "Маладога фронту" і, паведамляючы пра падрыхтоўку да вулічнай акцыі, выкарыстаў займеннік "мы".