У Віцебску прэзентуюць зборнік "Замкі Віцебска: старонкі славутай гісторыі"
Мультымедыйны зборнік выдадзены па выніках праведзенага гэтай зімой конкурса.
У конкурсе прымалі ўдзел маладыя людзі ва ўзросце ад 16 да 25 гадоў. Конкурсная тэматыка была самая разнастайная: архітэктурная эвалюцыя замкаў, іх ваенная гісторыя, прыродна-ландшафтны кантэкст, асобныя элементы забудовы, роля знакамітых постацяў у іх развіцці і г.д. Аўтарам патрэбна было абраць адну тэму і напісаць невялікі артыкул на 6-10 старонак з абавязковым прыкладаннем бібліяграфіі артыкула.
Тэксты сталі базай мультымедыйнага зборніка. Да конкурсных работ на дыску арганізатары “Замкаў Віцебска” дадалі некалькі відэа-прэзентацый з удзелам экскурсавода Аляксандра Сажына і гісторыкаў ды археолагаў: Таццяны Бубенькі, Леаніда Калядзінскага, Ігара Цішкіна.
Прэзентацыя мультымедыйнага зборніка адбудзецца сёння ў віцебскай ратушы ў 17:00., паведамляе news.vitebsk.cc