У Вільні адкрылася выстава "Невядомая БНР" (фота)
Мерапрыемства прайшло ў межах “Беларускага тыдня”, які папярэднічае Дню Волі.
23 сакавіка ў Цэнтральным дзяржаўным архіве Літвы і Еўрапейскім гуманітарным універсітэце была прэзентаваная выстава ўнікальных архіўных дакументаў, датычных беларускай гісторыі 1918-1944 гадоў. Аб гэтым паведамляе прэс-служба моладзевай асацыяцыі “StudAlliance”.
Пошукам і аналізам гістарычных дакументаў займаліся прадстаўнікі ЕГУ пры падтрымцы супрацоўнікаў Цэнтральнага архіва. На экспазіцыі размешчаны копіі разнастайных зваротаў, рэзалюцый, асабістых дакументаў заснавальнікаў палітычных аб'яднанняў, дакументаў аб беларускім музеі Івана Луцкевіча, дыпламатычных пашпартоў беларускіх палітыкаў, унікальных звестак аб дзейнасці навукоўца Барыса Кіта.
Мастацкім аздабленнем выставы займаўся беларускі мастак Алесь Пушкін.
Мерапрыемства сталася магчымым дзякуючы падтрымцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва Рэспублікі Літва і фонда Конрада Адэнаўэра.
Экспазіцыю магчыма пабачыць у навучальным корпусе ЕГУ да канца месяца.


