У Віцебскай абласной бібліятэцы расфармавалі аддзел беларускай літаратуры
Кнігі перадалі пераважна ў аддзел краязнаўчай літаратуры.
Як пішуць "Народныя навіны Віцебска", зараз на дзвярах аддзела беларускай літаратуры бібліятэкі вісіць рускамоўная абвестка: "Паважаныя чытачы! Прыносім свае прабачэнні за часовыя нязручнасці, звязаныя з пераездам. Адміністрацыя".
Па словах дырэктара бібліятэкі Аляксандра Сёмкіна, у бібліятэцы мяняецца структура. Залу беларускай літаратуры скасавалі дзеля яе немэтазгоднасці. Па словах дырэктара, цяжка ўявіць, каб у нямецкай бібліятэцы была асобная зала нямецкай літаратуры або ў Расіі — рускай літаратуры.
Разам з тым кіраўніцтва бібліятэкі запэўнівае, што будзе старацца набываць беларускую літаратуру ў ранейшых аб'ёмах.
Новы аддзел краязнаўчай літаратуры і бібліяграфіі павінен адкрыцца да 10 лютага.