У Віцебску паказваюць "цёлку, якую гладзіў прэзідэнт" (фота)
9 снежня ў канцэртнай зале "Віцебск" завяршае сваю працу рэгіянальная ўніверсальная выстава-кірмаш.
На працягу трох дзён тут ішоў пераднавагодні гандаль. У ім прынялі ўдзел прадпрыемствы з Віцебскай, Мінскай і Магілёўскай абласцей.
Прадаўцы стараліся пераўзысці адзін аднаго арыгінальнай рэкламай. Так Малінаўшчызненскі спіртагарэлачны завод "Аквадыў" у дадатак да гарэлкі, каньяку і настоек прапаноўваў спецыяльныя шклянкі. Прадавачка запэўнівала, што, выпіваючы з гэтага посуду, можна не п'янець. "Няп'яныя шклянкі" попытам не карысталіся, адзначаюць "Народныя навіны Віцебска". Пакупнікі не разумелі, навошта піць гарэлку, калі не п'янець.
Аршанскі малочны камбінат выставіў у сваім павільёне гіпсавых "цялушку і бычка". Па словах прадстаўніцы камбіната, улетку на выставе ў Верхнядзвінску на гэтую кампазіцыю звярнуў увагу кіраўнік краіны: ён падыйшоў да цялушкі і пагладзіў яе па галаве.
Прадавачка кажа, што на выставе ў Віцебску адзін пакупнік хацеў набыць гіпсавых парнакапытных за 300 долараў. Але кампазіцыя не прадаецца.