У Віцебску прайшоў конкурс лядовых скульптур (фота)
Сёння віцебская плошча Перамогі ўпрыгожылася дзясяткам лядовых скульптур.
У конкурсе ўзялі удзел мясцовыя навучальныя ўстановы. Згодна з умовамі, каманды мусілі стварыць выявы нейкіх казачных герояў. Таму на плошчы з’явіліся залатая рыбка, чарапаха, царэўна-лебедзь, грыфон, цмок, мамант.
Ці можна лічыць героямі казак зубра, кіроўцу з аўтамабілем ды жаўнера часоў вайны 1812 года з гарматай, яшчэ пытанне. Тым не менш, менавіта зубр і вайсковец атрымалі першае месца. На другім апынуліся мамант і цмок. Магчыма, маманту не пашанцавала за тое, што ён сваімі моцнымі нагамі цісне чалавека. А зубр, наадварот, добры – згадзіўся пакатаць на карку невялічкую птушачку нявызначанай пароды.

Што праўда, стваральнікі маманта, студэнты ўніверсітэта імя Машэрава, кажуць, што ён зусім не злосны. А што раздушыў чалавека — дык то быў дзікун, які хацеў маманта ўпаляваць.



Такім стваральнікі пабачылі грыфона.

