У Віцебску з’явіліся дактары з чырвонымі насамі (фота)
Віцебскія валанцёры стварылі клоўнскую групу, якая ходзіць па лякарнях і спецыялізаваных выхаваўчых установах з вясёлымі прадстаўленнямі.
Разынка праекту ў тым, што ўсе клоўны з'яўляюцца перад дзецьмі ў вобразах вясёлых і смешных дактароў. Як расказваюць сябры групы “Доктар Небаліць” (менавіта так завецца валанцёрска-клоўнскі калектыў), гэта зроблена адмыслова, каб навучыць дзетак не баяцца дактароў.
Вясёлыя чырвонаносыя “лекары” гуляюць з дзеткамі, пяюць, пускаюць мыльныя бурбалкі, паказваюць лялечныя прадстаўленні, фокусы і проста размаўляюць. Клоўнскія рэйды па лякарнях праводзяць штотыднёва.
Дарэчы, існуе група выключна за кошт уласных сродкаў клоўнаў, сярод якіх студэнты і моладзь, ды на спонсарскія ахвяры.

Фота з архіву групы “Доктар Небаліць”.