У Жабінцы Дзяржкантроль выявіў басейн з цвіллю
Праверка Камітэта дзяржкантролю выявіла мноства парушэнняў у эксплуатацыі спорткомплексу "Бадзёрасць".
Як піша ej.by, комплекс не пазбавіла ад праблем нават праведзеная рэканструкцыя. Больш за тое, неграматная эксплуатацыя комплексу, і асабліва басейна, дадала гэтых праблемаў. Праверка выявіла, што ў басейне на сценах множыцца цвіль і грыбок, паўсюль павышаная вільготнасць і хлоркавыя выпарэнні. На столевых перакрыццях крышыцца бетон, а таксама адкрылася арматура, якая пачала іржавець. КДК не выключае, што калі тэрмінова не прыняць неабходныя меры, можа пацярпець дах басейна, а ад яго і людзі.
Між іншага, два гады таму ў спорткомплексе адбылася рэканструкцыя. На яе выдаткавалі больш за 152 мільёны рублёў бюджэтных сродкаў.
Фота — tonus.by