Удзельнікам “Ночы лятаючых ліхтароў” загадалі мець пры сабе аптэчкі
Такое рашэнне прыняў Брэсцкі гарвыканкам.
На думку чыноўнікаў, гэтак прысутныя будуць самастойна дбаць пра сваю бяспеку. Хаця на акцыі будзе прысутнічаць міліцыя і выратавальнікі.
Нагадаем, што такая акцыя ўжо прайшла ў Брэсце сёлета ў жніўні. Мерапрыемства, арганізаванае праз сацыяльныя сеткі, атрымала шырокі рэзананс сярод брэстаўчан. Тады ў начным небе залунала больш за сотню ліхтарыкаў, а паглядзець на відовішча прыйшлі каля 1000 чалавек. Хоць акцыя не была ўзгодненая з гарвыканкамам, кіраўніцтва гораду станоўча ўпрыняла падзею.
Гэтым разам ініцыятары імпрэзы падалі заяву ў гарвыканкам. Мерапрыемства дазволілі, але пры наяўнасці ў кожнага ўдзельніка аптэчкі. Арганізатары спадзяюцца, што гэта не паўплывае на колькасць прысутных. Але яны ўсё ж звярнулі да патэнцыйных запускальнікаў ліхтароў, каб тыя скаапераваліся групамі, у якіх будзе хоць па адной аптэчцы.
Мерапрыемства пройдзе 3 снежня а 19-й гадзіне. Месцам сустрэчы прызначаны Вяслярны канал.