Украінская мяжа закрываецца і для беларускай свініны
Украінскія санслужбы забаранілі ўвоз свінняў і свініны з Беларусі. Перад гэтым быў забаронены ўвоз малочнай прадукцыі.
Украінцы баяцца, што з Беларусі да іх трапяць узбуджальнікі віруса афрыканскай чумы свіней, паведамляе "Главком" са спасылкай на Дзяржаўную ветэрынарную фітасанітарную службу Украіны.
Абмежаванне імпарту мясной прадукцыі працягнецца да высвятлення ўсіх акалічнасцяў.
Украінская санстанцыя заклапочаная звесткамі пра масавае знішчэнне свіней у вёсцы Нязнанава на Навагрудчыне. Пра гэты выпадак некалькі дзён таму распавядалі беларускія СМІ. Акрамя таго, адзначаюць украінскія ветэрынары, ёсць небяспека таго, што вірус афрыканскай чумы свіней трапіць з Расіі ў Беларусь, а потым — і ва Украіну.