Уладальнік “Рок-кароны” Pomidor/off не з’явіўся на яе ўручэнне
Гурт Аляксандра Памідорава быў названы выканаўцам году на “Рок-каранацыі”, якая прайшла 31 сакавіка ў Маладзечне.
Pomidor/OFF таксама атрымаў малую карону за найлепшую песню года — “Дым”. Аднак “рок-князі” цырымонію праігнаравалі. Напярэдадні імпрэзы Аляксандр Памідораў выказаўся, што “Рок-каранацыя” “ужо не тая”. Не прыехаў у Маладзечна і Аляксандр Кулінковіч: пасля таго, як адмяніўся канцэрт Neuro Dubel у Мінску, ён вырашыў не рызыкаваць.
У выніку “Рок-каранацыя” прайшла сціпла. Паводле “Нашай нівы”, у залі маладзечанскага Палаца культуры, разлічанай на 820 чалавек, сабралася каля 300 слухачоў.
Што да іншых намінацый, то ўзнагароды размеркаваліся наступным чынам. “Прарыў года” — гурт Akute. “Традыцыі і сучаснасць” — Znich. “Альбом года” — “Зімачка” гурту “Тройца”. “Вернасць традыцыям” — Drum Extasy. “Найлепшы поп-рок-гурт года” — J:Морс. Тытул рок-князёўны атрымала Зоя Сахончык, вакалістка гурту ZM99. У намінацыі “Падзея года” рок-карону атрымала дырэктарка Музея народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах Святлана Лакотка — за арганізацыю фэсту «Камяніца».
Музыкі з “чорнага спісу” не былі адзначаныя ніякім чынам: рок-кароны абмінулі нават Сяргея Міхалка, нягледзячы на відавочную папулярнасць “Грай” і “Не быць скотам”.




