Улады радуюцца кітайскаму крэдыту на 1 мільярд, аналітыкі — не вельмі

Грошы пойдуць на фінансаванне сумесных беларуска-кітайскіх праектаў. У прыватнасці, грошы пойдуць на будаўніцтва заводу па вытворчасці сульфатнай беленай цэлюлозы ў Светлагорску. Сума гэтага крэдыту складзе больш за 650 мільёнаў долараў.


340 мільёнаў долараў пойдуць на рэканструкцыю аўтамабільнай дарогі Мінск-Гомель. Рамантавацца будзе ўчастак Жлобін-Гомель. А яшчэ больш за 60 мільёнаў долараў кітайцы дадуць электрыфікацыю чыгункі ад Гомеля да Асіповічаў і ад Жлобіна да Калінкавічаў. 


Незалежны аналітык Сяргей Чалы ў каментары Еўрарадыё крытычна ацаніў атрыманне кітайскіх крэдытаў: 

Чалы: “Яны (кітайцы. — Еўрарадыё.) фактычна выступаюць адначасова і падрадчыкамі па гэтых праектах. Самі крэдытуюць, і самі ж выконваюць працу. То бок, кітайскі крэдыт ад “Эксімбанка” ідзе на аплацу працы кітайскага субпадрадчыка. Яны такім чынам стымулююць экспарт сваіх тавараў і паслуг, а мы застаемся з гэтай пазыкай”.