Уладыка Філарэт сказаў: "Бронзу", "срэбра" і "золата" атрымаеце — і дадому"

Пра гэта святар, які суправаджаў нашу каманду ў Лондан, распавёў у інтэрв'ю газеце "Спортивная панорама". Прапануем вашай увазе некаторыя вытрымкі з гутаркі з айцом Фёдарам.


"Вядома, гэта вялікае свята, але, на жаль, яно не было пазбаўленае пэўных элементаў дэманізацыі, што відавочна адчувалася".

"Уладыка Філарэт блаславіў мяне прабыць у Лондане тыдзень. Наказваў, дарэчы, вельмі граматна: "Бронзу", "срэбра" і "золата" атрымаеце і дадому — далей тут будзеш маліцца". Усё так і выйшла".

"Кожны дзень мы пачыналі з ранішніх малітваў і набажэнства. Для мяне не была абавязковай прысутнасць на іх спартоўцаў і трэнераў. Я нікому нічога не навязваў. Але, да прыкладу, Уладзімір Япрынцаў, Дзмітрый Ціхамолаў і некаторыя іншыя суайчыннікі ўвесь час удзельнічалі ў іх, прычым вельмі шчыра, набожна.

Мелі месца, праўда, і некаторыя шурпатасці. Калі мы прыехалі ў Алімпійскую вёску, мяне чакаў амерыканец, які адказваў за духоўнае суправаджэнне на Гульнях. Ён хацеў пазнаёміцца і паказаць пакоі, якія даваліся кожнаму рэлігійнаму напрамку. Я, вядома, быў у форме — падрызніку, з усімі сваімі пажыткамі. Мне казалі, што спартоўцы папярэджаныя пра тое, што будзе служыцца набажэнства з пайменным памінаннем усіх чальцоў дэлегацыі. Але ўдзельнічаў у ім толькі кіраўнічы склад НАК і Мінспорту. Спартоўцы апынуліся на трэніроўках. І шмат хто з іх потым выказваў шкадаванне, што не ведалі пра такое важнае мерапрыемства".

"Не хачу сцвярджаць, што мы адыгралі галоўную ролю, але ўпэўнены: без малітвы не заваявалі б і гэтых узнагародаў. Мне давялося наведаць алімпійскія спаборніцтвы па цяжкай атлетыцы сярод жанчын у вагавай катэгорыі да 58 кг. Памятаю, як нашай Насце Новікавай не залічылі адну спробу, другую… І я задумаўся: а чаму гэта адбылося? Разумею, што Алімпіяда была занадта палітызаваная, заангажаваная да краю. Разам з тым украінка Юлія Каліна, выходзячы на памост, заўсёды хрысцілася і чысценька брала вагу, ніводную з шасці спробаў не сарвала. І наша Наста — разумнічка, імкнулася паказаць усё, на што здольная. Але яе няўдачы, на жаль, суправаджаліся трэнерскім матам. Як можна, нават калі штосьці не атрымалася, гэта спалучаць? Бог пасылае нам такія знакі для пакоры. Вядома, накладанне на сябе хроснага знака не з'яўляецца гарантыяй поспеху. Аднак і недаацэньваць сілу малітвы нельга.

Возьмем тую ж зборную Расіі. Ведаю, што ў расіян усе хадзілі ў храм на набажэнства. Думаю, паколькі жывем у праваслаўнай дзяржаве, і для нас гэта павінна стаць не проста нейкім мерапрыемствам для галачкі ці чарговым у праграме, а самай што ні сць асноўнай падзеяй. Тады і вынікі будуць іншыя.

Я бачыў, колькі ў Лондан панаехала прадстаўнікоў розных кірункаў, якіх нават згадваць не хочацца — усялякіх ведзьмакоў і іншай нечысці, разумеў, для чаго яны там знаходзяцца. На мне заўсёды быў крыж з 33 часціцамі святых мошчаў, утоены ад старонніх вачэй. Як жа адчувалі яго гэтыя людзі, якія часам проста кідаліся ўбок".

"Думаю, шмат хто дзякаваў Богу. Дастаткова ўспомніць нашу гімнастку Любу Чаркашыну, якая адзначыла потым, што толькі з дапамогай Божай змагла прабіцца на пастамент. А наогул над гэтым трэба працаваць загадзя. Побач з нашым храмам знаходзіцца вучэльня алімпійскага рэзерву, з якой, думаю, пасябруем. Мы жадаем дапамагчы яе выхаванцам правільна выбудаваць свой унутраны свет. З яе кіраўніцтвам я пакуль не сустракаўся, а толькі абгаварылі такую магчымасць з міністрам спорту. На першым месцы ў такіх спаборніцтвах павінен быць гонар краіны. І хто будзе па-сапраўднаму верны сваёй зямной Айчыне, той апынецца верным і Нябёснаму. Можна, вядома, і выпадкова выйграць. Але нярэдка такія спартоўцы становяцца ахвярай славы і славалюбства. І вось гэта ўжо сапраўдная катастрофа для атлета, як і для любога чалавека, пачатак канца. Таму важна ўмець сказаць добрыя словы той зямлі, якая выхавала, і, натуральна, людзям, якія прывялі да поспеху".

"Мне ўспамінаецца Алімпіяда ў Грэцыі, куды ездзіў з цяперашнім Уладыкам Серафімам. Тады мы служылі набажэнства ў Афінскім кафедральным саборы. Мы самі аплацілі аўтобус, прывезлі спартоўцаў. Плюс — расіяне прыехалі. Нам нават грэкі пазайздросцілі. І я памятаю кадры, калі Юля Несцярэнка перад фіналам перахрысцілася сама і асяніла дарожку. Убачыўшы гэта, я ў думках заклікаў: "Госпадзе, ты ж бачыш, амерыканкі стаяць і медытуюць, а гэтая дзяўчынка не пабаялася публічна Цябе вызнаваць. Дапамажы ёй — дзеля таго, каб уславілася Тваё імя і нашай Беларусі". Убачыўшы, што Юля адстала, ізноў узмаліўся: "Госпадзе, ты ж усё можаш". І калі яна перамагла, я зразумеў, што цуды і ў наш час бываюць".

"Грэцыя — краіна, якая прасякнута верай, малітвай. У нядзельныя дні, каб спартоўцы маглі сыходзіць на службу, там нават спаборніцтвы раніцай не праводзілі. А тут што мы бачылі? Усякія палітычныя заявы кшталту таго, што прэзідэнт нашага алімпійскага камітэта не можа быць дапушчаны на Гульні! Мяне як святара гэтыя рэчы не павінны датычыць, але як чалавека, грамадзяніна сваёй краіны яны прынамсі абураюць. Ён можа вам падабацца ці не падабацца, вы можаце не згаджацца з ім, гэта ваша асабістая справа. Але як афіцыйная асоба вы абавязаны прытрымлівацца дзейсных правіл. А яны абвяшчаюць, што нават войны на час Алімпіяды павінны спыняцца. Гэта прэцэдэнт, які можа разбурыць увесь сэнс спартовага свята і спорту як правадніка міру".

"Наогул я сам займаюся спортам, але, вядома, не дзеля жарсці. Я вельмі люблю скакаць з парашутам, кіраваць верталётам і самалётам АН-2, пакуль, праўда, на месцы другога пілота. У дзяцінстве марыў паступіць у лётную вучэльню, але памерлая матухна не дазволіла. Але любоў да яго засталася. Калі бракуе часу палятаць на вялікім верталёце, часам дзяцей забаўляю мадэльнымі, якія сам сабраў. Імі, дарэчы, кіраваць складаней, чым вялікімі. У мяне нават матухна аднойчы з 3 тысяч метраў сіганула з парашутам, праўда, з інструктарам. Пасля чаго перастала баяцца вышыні. Мы ж усе пад Богам ходзім. Тут усё залежыць ад твайго стаўлення да светабудовы. Я калі на самалёце лячу, у мяне ў слухаўцы гучыць Псалтыр ці Акафіст свяціцелю Мікалаю. Гэта значыць, увесь маршрут фактычна асвячаецца малітвай. Усё можна паставіць на служэнне Богу. Мяне дзівіць, калі людзі пачынаюць кідацца ад сучаснай тэхнікі. Кожная эпоха ўсё лепшае прысвячала Богу, так чаму мы павінны паступаць інакш, сыходзіць у глухмень і старызну? Такім чынам, мы проста апраўдваем сваю бяздзейнасць".

"— У вашым храме пасля гібелі хакейнай каманды "Лакаматыў" хрысцілася і жонка Руслана Салея — Бэтэн з дзеткамі?

— Я здзяйсняў гэта таемства, прычым поўным чынам і з перакладам. Калі на 40 дзён мы служылі ў левым прыходзе Храма-помніка паніхіду, яна сама выказала такое жаданне. Адчуўшы тады дзеянне малітоўнай мілаты, Бэтэн зразумела, што толькі праз дакрананне да праваслаўя яна стане бліжэй і да Руслана. Нашы гутаркі, думаю, таксама дапамаглі ёй правільна зарыентавацца ў гэтай трагедыі. Хрышчэне ж стала для ўсёй сям'і сапраўдным святам. Усе сваякі адразу прынялі яе як сваю, як частка Руслана. І яна сама адчула сябе тут роднай. Вера — вялікая сіла".

Фота — sobor.by