Ургант прынёс прабачэнні за жарт пра камісара і ўкраінскую вёску (відэа)
Тэлевядоўца зрабіў гэта ў эфіры расійскага Першага тэлеканала.
Нагадаем, у кулінарнай праграме "Смак" Іван Ургант вырашыў, што ўдала пажартаваў з украінцаў: "Я пасек зеляніну, як чырвоны камісар — жыхароў украінскай вёскі". Аднак атрымаўся скандал.
Адмысловую заяву прыняло Міністэрства замежных спраў Украіны. У ёй, між іншым, гаворыцца: "...у гісторыі нашых народаў было нямала трагічных старонак, спекуляваць на якіх — недапушчальна. У сучасным цывілізаваным свеце падобныя жарты лічацца дрэнным тонам і праявай непавагі да памяці мільёнаў ахвяраў таталітарнага рэжыму".
Як паведамляе РІА "Новости", Ургант, прыносячы прабачэнні ўкраінцам, падкрэсліў, што не ўкладаў у свой "жарт" ніякага "пачварнага" сэнсу. "Проста сказаў глупства, не падумаўшы", — апраўдваецца расійскі тэлевядоўца.
Фота — ria.ru