Візіт заўзятараў “Дынама” на матч у Барысаў абыходзіцца клубу ў $1000?

Перад матчам БАТЭ — “Дынама” (Мінск) на гасцявым сектары барысаўскага стадыёна знялі сядзенні.

“Кожны раз, калі прыязжалі дынамаўскія фанаты, а сядушкі не дэмантаваліся, было выламана каля 50-100 сядзенняў, — распавядаюць пра прычыны “дэмантажу” у прэс-службе БАТЭ. — Танней іх зняць і потым усталяваць зноў. Тым больш, што дынамаўскім фанатам зручней падтрымліваць сваю каманду стоячы”.

У прэс-службе БАТЭ паведамілі, што маглі б размясціць і болей сталічных заўзятараў. Але пры ўмове, што “Дынама” паручыцца за іх. Мінскі клуб браць на сябе адказнасць не пажадаў.

“Справа не ў фанатах менавіта “Дынама”, а у іх колькасці, — працягваюць у прэс-службе. — “Дынамаўскіх” заўзятараў заўсёды шмат. Звычайна запаўняецца два сектары. А ад іншых клубаў прыязжае максімум 50 чалавек. А пры вялікай плотнасці на сектары ламаюцца сядзенні… Неабавязкова наўмысна. Але ў выніку атрымоўваецца менавіта так”.

Незадаволены заўзятарамі “Дынама” і дырэктар Барысаўскага гарадскога стадыёна: “Заўзятары “Дынама” ламаюць нам сядзенні. У мінулы раз я быў вымушаны выстаўляць рахунак. Адна сядушка летась каштавала прыблізна 22 долары. Зараз, пэўна, болей”.

Такім чынам, адзін выезд заўзятараў мінскага “Дынама” на гасцявы матч з БАТЭ абыходзіцца сталічнаму клубу самае меншае — у 1 тысячу долараў. А калі разбітых крэслаў не 50, а 100? Лічыце самі...

Да таго ж, ёсць небяспека, што 350 фанатаў “Дынама” замест таго, каб глядзець футбол, у час матча будуць бадзяцца па Барысаве. Кіраўніцтвы клубаў не дамовіліся аб вылучэнні для мінскіх фанатаў дадатковых месцаў на барысаўскім стадыёне. У выніку ў фан-сектар могуць трапіць толькі 350 заўзятараў з прыкладна 700, якія маюць намер прыехаць у Барысаў.

“У нас няма канкрэтнай лічбы заўзятараў, таму што мы не маем афіцыйнага фан-клуба. Але, па нашай інфармацыі, на матч едзе шмат нашых прыхільнікаў. За дзве гадзіны да матча будзе нарада. І ўсё залежыць ад таго, ці змогуць дамовіцца бакі. Будзем прасіць, каб павялічылі колькасць месцаў для сталічных заўзятараў”, — кажа намеснік гендырэктара “Дынама” Аляксей Калітнік. Але на сайце БАТЭ напісана, што клуб “гатовы прадаставіць для заўзятараў ФК “Дынама-Мінск” не больш за 350 квіткоў у адмыслова вызначаны сектар”.

Па словах Калітніка, раней клубы дамовіліся аб дэмантажы сядзенняў на гасцявым сектары для павелічэння яго ўмяшчальнасці. Але за дзень да гульні БАТЭ паведаміў на сваім сайце, што гатовы вылучыць толькі 350 месцаў.

Нагадаем, матч паміж БАТЭ і мінскім “Дынама” пачнецца 15 красавіка ў 20:00 на Барысаўскім гарадскім стадыёне. Супрацьстаянне гэтых клубаў футбольныя аматары ўжо паспелі акрэсліць беларускім “класіка”.