Вартаўнік аўтастаянкі апазнаў міліцыянтаў, якія яго білі
Васіль Сарочык удзельнічаў у апазнанні 11 снежня.
Як паведамляе БелаПАН са спасылкай на праваабаронцаў, для апазнання былі прадстаўленыя чатыры чалавекі. Сарочык пазнаў трох, якія яго збівалі, і аднаго, які не ўдзельнічаў у збіцці, але прысутнічаў у той дзень у Ленінскім РУУС. Галоўная падазраваная ў збіцці вартаўніка Жанна Багданоўская ў апазнанні не ўдзельнічала. Следчыя не палічылі гэта патрэбным, бо пра яе Сарочык ужо ўсё сказаў.
Нагадаем, 14 лістапада ў пункт аховы аўтастаянкі, па словах Сарочыка, прыйшлі два міліцыянты і загадалі вартаўніку ісці ў Ленінскае РУУС. Вартаўнік кажа, што Багданоўская зладзіла яму допыт. Супрацоўніца міліцыі начапіла на яго кайданкі і стала збіваць. Ад яго патрабавалі прызнацца ў крадзяжы надмагільных пліт, якія захоўваліся на тэрыторыі аўтастаянкі, а таксама саляркі і акумулятараў з машын. Таксама ад вартаўніка спрабавалі атрымаць прызнанне, што ён перыядычна рабаваў шапікі на рынку "Свелта".
Сарочык кажа, што яго білі нагамі і дубінкамі па галаве і целе, да збіцця перыядычна далучаліся іншыя міліцыянты. Калі пажылы чалавек траціў прытомнасць, яго аблівалі халоднай вадой.
Збіты вартаўнік звярнуўся з заявай у пракуратуру. Следства вядзе Следчы камітэт.
Фота — svaboda.org