Віцебскаму актывісту Тарасу Сургану працягнулі міліцэйскі нагляд

Кіраўніку віцебскай суполкі руху "Маладая Беларусь" Тарасу Сургану на паўгады працягнулі міліцэйскі нагляд. Зроблена гэта было за 3 парушэнні правілаў пакарання. Пра гэта "Еўрарадыё" паведаміў лідэр "Маладой Беларусі" Артур Фінькевіч.

Сам Сурган адмаўляе абвінавачванні ў адносінах да сябе ў парушэнні правілаў.

Цяпер моладзевы актывіст яшчэ 6 месяцаў не будзе мець права выязджаць з Віцебску без дазволу міліцыі, не зможа пакідаць месца жыхарства з 22:00 да 6:00, наведваць месцы, дзе прадаецца алкаголь. Акрамя гэтага, маладзён павінен абавязкова працаваць.

Нагадаем, што другога лютага скончыўся тэрмін знаходжання Сургана пад міліцэйскім наглядам. 2 лютага 2010 года Тарас быў асуджаны на 1 год міліцэйскага нагляду. Фармальнай падставай для гэтага сталася тое, што цягам 2009 году Тарас Сурган быў тройчы затрыманы і асуджаны за акцыі з бел-чырвона-белымі сцягамі.