Віцэ-прэзідэнт НАК: Лёгкаатлетам у Лондане перашкодзіў арышт трэнера
З такой заявай выступіў віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Генадзь Аляксеенка.
Па яго словах, якія перадае БелаПАН, арышт галоўнага трэнера зборнай Анатоля Бадуева і лекара каманды Паўла Дрынеўскага зламалі заключны этап падрыхтоўкі спартоўцаў. Ён дадаў, што ў наш час уся надзея спартоўцаў — на добрую таблетку.
Нагадаем, што 5 верасня прайшло сумеснае паседжанне калегіі Міністэрства спорту і выканкама Нацыянальнага алімпійскага камітэта. На ім міністр спорту жорстка раскрытыкаваў спартоўцаў за недастаткова добрыя вынікі Алімпіяды. Аляксеенка трапіў у спіс тых, каго па выніках паседжання рэкамендавана вызваліць ад займанай пасады. Акрамя пасады ў НАК ён з'яўляецца дырэктарам Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па лёгкай атлетыцы.