Віцебскага апазіцыянера затрымалі, каб папярэдзіць пра Народны сход
Барыс Хамайда ў момант затрымання быў упэўнены, што яго хочуць пакараць за распаўсюд незалежнай прэсы ў цэнтры горада.
Але аказалася, што яго хочуць папярэдзіць, каб не ўдзельнічаў у заўтрашнім Народным сходзе. Хамайду спынілі на звычайным месцы, дзе ён штодня распаўсюджвае незалежныя выданні — каля дома №28 па вуліцы Леніна.
Але ў пастарунку размаўляць давялося з прадстаўнікамі аддзелу міліцыі грамадскай бяспекі. Апазіцыянеру прапанавалі падпісаць пісьмовае папярэджанне, што ён не будзе праводзіць мітынгаў і не выйдзе ў горад з бел-чырвона-белым сцягам.
Барыс Хамайда падпісваць нейкія паперы катэгарычна адмовіўся. Пры гэтым ён не з’яўляецца ні арганізатарам Народнага сходу, ні нават прыхільнікам ідэі іх правядзення, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.