Віцебскія школьнікі зрабілі елкі з шалупіння, матузкоў ды фасолі (фота)
Некалькі дзесяткаў елачак з падручнага матэрыялу выстаўленыя ў віцебскім абласным палацы дзяцей і моладзі.
Гэта вынікі конкурсу “Зберажэм зялёную ялінку”. Ён ладзіўся сярод навучальных установаў вобласці. Мэтай конкурсу было паказаць, што па-святочнаму ўпрыгожыць дом можна і без таго, каб нішчыць жывое дрэўца. Каб зберагчы жыццё елкам, школьнікі прапаноўваюць рабіць іх з каляровых матузочкаў, шалупіння ад фісташак, сухога бярозавага галля ды іншых мала патрэбных рэчаў. Ёсць таксама елачкі з крупаў, сухацветаў, пер’я.
Акрамя крэатыўных і экалагічных ялінак, дзеці спаборнічалі ў тым, хто зробіць найпрыгажэйшы калядны тапіярый — “дрэва шчасця”. Перамагла дзяўчынка, якая пасадзіла свае тапіярыі ў валёнкі Дзеда Мароза і Снягуркі. Дарэчы, амаль ўсе школьнікі, якія ўдзельнічалі ў конкурсе, на Каляды і Новы год будуць ставіць у сваіх дамах менавіта самаробныя ялінкі ды тапіярыі.





