Вяскоўца аштрафавалі, бо прадаў карову за фальшывыя расійскія рублі

Як піша "Комсомольская правда", вясковец сам выгадаваў карову і звярнуўся да мясцовага прадпрымальніка па дапамогу, каб прадаць жывёлу. Пакупніка знайшлі ў суседняй Бранскай вобласці Расіі. Расплаціўся пакупнік расійскімі рублямі.

Але ў банку ў Гомелі, дзе вясковец мяняў валюту, высветлілася, што адна з купюр у тысячу расійскіх рублёў — падробленая. Крымінальную справу за збыт фальшывых грошай на вяскоўца не пачыналі. Аднак на яго склалі адміністрацыйны пратакол за незаконнае прыняцце замежнай валюты ў якасці аплаты.

Вясковец віну сваю не адмаўляў і сказаў, што проста па няведанні прыняў ад пакупніка валюту. Суд улічыў, што мужчына адзін выхоўвае сына. Прадаўца пакаралі мінімальным штрафам — у мільён беларускіх рублёў.

Дарэчы, пакупнік апынуўся добрасумленным і вярнуў вяскоўцу тысячу рублёў замест падробленай купюры.

Фота — ocka3ke.ru