Вязні Івацэвіцкай калоніі парэзалі сабе рукі на знак пратэсту

У рэдакцыю “Народнай Волі” прыйшоў ліст з папраўчай калоніі, які напісалі самі вязні. 6 чэрвеня шэсць чалавек з камеры №2 штрафнога ізалятара а пятай гадзіны раніцы, калі прагучала каманда “Пад’ём!”, убачылі, што іх вопратка стала мокрая ад вады. Зэкі папрасілі, каб іх перавялі ў іншыя камеры на час рамонту, але ім было адмоўлена.

Вязняў збілі, пры гэтым пагражаючы ім жорсткім крымінальным артыкулам за непадпарадкаванне супрацоўнікам адміністрацыі папраўчай установы. Пасля гэтага зняволеныя разбілі лямпачку і парэзалі сабе рукі, а адзін асуджаны з камеры №6 нават парэзаў сабе жывот. Дзяжурны лекар накіраваў гэтага чалавека ў шпіталь толькі на наступны дзень. У адказ на такія дзеянні адміністрацыі група вязняў паабяцала абвясціць галадоўку.

Ці доўжыцца галадоўка зараз, ці яна спынена, ці яе ўвогуле не было — з ліста не зразумела. Першы намеснік Дэпартамента выканання пакаранняў Сяргей Працэнка пацвердзіў “Народнай волі” інфармацыю пра інцыдэнт.  Аднак ён не лічыць дзеянні супрацоўнікаў турмы незаконнымі. Пры гэтым Працэнка адмаўляе тое, што адзін з вязняў парэзаў сабе жывот.