Выбух увосень 2004 года зацікавіў міліцыю толькі праз год

14-гадовы падлетак Іван Калуцкі тады падарваўся на расцяжцы з запальнай вадкасцю. У падлетка было абпалена 10% цела. Цалкам абгарэлі твар, шыя, часткова левая рука і левая нага.

Па словах Калуцкага, якія перадае БелаПАН, у 2004 годзе яго ў міліцыю не выклікалі. Міліцыя падзеяй зацікавілася толькі праз год, пасля выбуху ў Віцебску 14 верасня 2005 года. Ні сам пацярпелы, ні яго бацькі ў міліцыю не звярталіся. Па словах хлопца, ён меркаваў, што ў міліцыю пра падзею павінны былі паведаміць медыкі.

13 кастрычніка ў судзе таксама дапыталі пенсіянера Уладзімір Шалудкевіча. У жніўні 2004 года ён пераехаў на ровары аналагічную расцяжку каля станцыі Грышаны. Мужчына не атрымаў траўму, бо рухаўся хутка і выбух адбыўся ззаду.

Шалудкевіч спрабаваў выклікаць міліцыю. Але міліцыянты сказалі, па яго словах: "Ха-ха! Жывы? Добра, добра". Больш ён у міліцыю тэлефанаваць не стаў.