Выйшла кніга пра славутага хакеіста Руслана Салея

Яе аўтар — спартовы журналіст Сяргей Аляхновіч. У гэтай кнізе ён хацеў ушанаваць памяць Руслана Салея, з якім пры жыцця сябраваў. Славуты хакеіст загінуў 7 верасня 2011 года ў авіякатастрофе пад Яраслаўлем.

Ідэя напісання кнігі з’явілася яшчэ ў 2003 годзе, калі Салей ў складзе клубу НХЛ “Анахайм” стаў першым беларускім хакеістам, які выступіў у фінале Кубку Стэнлі. Цягам некалькіх тыдняў журналіст амаль штодня бачыўся са спартсменам і запісваў з ім інтэрв’ю. Урэшце, абодва вырашылі, што вернуцца да кніжкі пасля таго, як Салей завершыць сваю кар’еру.

Да выхаду сваёй кнігі Сяргей Аляхновіч не дажыў: ён памёр амаль месяц таму, 27 ліпеня, паспеўшы здаць кнігу ў друк і атрымаць сігнальны асобнік.

Кніга выйшла амаль на 450 старонках, яе наклад — 5 000 асобнікаў. Першая тысяча паступіць у продаж адразу пасля афіцыйнай прэзентацыі, якая адбудзецца ў пачатку верасня. Яна будзе прымеркаваная да першай гадавіны смерці Руслана Салея і 40 дням са смерці журналіста, перадае БелаПАН.