WSJ: Беларусь абмяркоўвае продаж "Беларуськалія" з Кітаем і Расіяй
Пра гэта піша амерыканскае выданне The Wall Street Journal.
Паведамляецца, што ў апошнія тыдні перамовы з беларускім урадам пра куплю кантрольнага пакета акцый "Беларуськалія" вёў расійскі мільярдэр Сулейман Керымаў. Аднак пазіцыі бакоў наконт цэнаў пакуль далёкія адзін ад аднаго, перадае БелаПАН. The Wall Street Journal нагадвае, што Керымаў ужо валодае кампаніяй "Уралкалій".
Выданне таксама адзначае, што беларускія чыноўнікі абмяркоўвалі магчымасць продажу 25% акцый "Беларуськалія" з кітайскімі фундатарамі. Але, нібыта, не змаглі прыйсці да згоды.
Між тым, беларускія дзяржорганы не пацвярджаюць, што такія перамовы вядуцца. Прэс-сакратар канцэрна "Белнафтахім" Марына Касцючэнка паведаміла interfax.by, што перамовы наконт продажу "Беларуськалія" не ўваходзяць у кампетэнцыю канцэрна. Дамаўляцца наконт продажу "Беларуськалія" можа толькі ўрад або кіраўнік краіны, заявіла Касцючэнка.
Першы намеснік дырэктара Фонду Дзяржмаёмасці Пётр Лук'янаў паведаміў, што Дзяржкамітэт па маёмасці не вёў перамоваў па продажы акцый "Беларуськалія" ні з Расіяй, ні з Кітаем.