Японцы не справіліся з атамным праектам, а беларусы справяцца?
У Беларусі прадугледжана распрацоўка так званага знешняга аварыйнага плана на выпадак аварыі на будучай атамнай станцыі.
План cкіраваны на абарону жыцця і здароўя грамадзян, ахову навакольнага асяроддзя ў выпадку радыяцыйнай аварыі, паведаміў 22 красавіка ў часе online канферэнцыі на сайце БЕЛТА дырэктар дэпартамента па ядзернай энергетыцы Міністэрства энергетыкі Мікалай Груша. Паводле яго слоў, распрацоўка такога плана прадугледжаная законам "Аб выкарыстанні атамнай энергіі".
"Урокі апошніх падзей на японскай АЭС безумоўна сумныя, і іх варта ўлічыць, аднак не для таго, каб закрыць будаўніцтва АЭС і развіццё ядзернай энергетыкі ў Беларусі", — лічыць Груша.
Іншае меркаванне было выказана напярэдадні ў часе скайп-канферэнцыі з нагоды 25-годдзя з дня трагедыі ў Чарнобылі.
"Ведаеце, здзіўляе тое, што Беларусь, якая больш за ўсіх пацярпела ў выніку чарнобыльскай трагедыі, працягвае пашырэнне атамнай энергетыкі і зноў наступае на тыя ж граблі. Пасля таго як японцы не здолелі справіцца са сваім атамным праектам, мне ніхто не давядзе, што беларусы, у якіх па сутнасці практычна няма досведу ў гэтай справе, змогуць кіраваць такім праектам", — заявіў дарадца аддзела палітыкі энергетычнай бяспекі МЗС Літвы Віліюс Самуйла.