З Беларусі ў Лівію адпраўляліся ваенныя спецыялісты-рамонтнікі?
Такую версію выказаў ваенны аналітык Аляксандр Алесін, каментуючы нядаўнія палёты самалётаў паміж Беларуссю і Лівіяй.
Нагадаем, надоечы эксперты Стакгольмскага інстытута даследавання праблемаў міру заявілі, што Іл-76, які вылецеў з Баранавіч у Лівію, перавозіў зброю.
"На мой погляд, найбольш верагоднае тлумачэнне палётаў, што адбываліся паміж Беларуссю і Лівіей, — гэта дастаўка ў Лівію беларускіх спецыялістаў па рамонце ваеннай тэхнікі", — адзначыў Алесін у інтэрв'ю "Ежедневнику".
Ён не лічыць, што Лівіі патрэбная беларуская зброевая дапамога, бо і гэтая краіна і так мае вялікі арсенал. "350 баявых самалётаў, 4000 адзінак бронетэхнікі, вельмі шмат ракетных комплексаў, а ўжо пра стралковую зброю і казаць няма чаго", — ахарактарызаваў лівійскі патэнцыял эксперт.
"А вось у рамонце, сэрвісе, мадэрнізацыі і тэхнічнай падтрымцы існуючых сістэм, мяркую, у Лівіі існавала вялікая патрэба. І Беларусь выконвала там шэраг кантрактаў па тэхнічнай падтрымцы. Але такія самыя кантракты там выконвала і Расія", — заявіў Алесін.
Ён таксама выказаў меркаванне, што самалёт Falcon, які прыляцеў з Трыпалі ў Мінск, мог даставіць высокапастаўленых беларускіх ваенных дарадцаў.