З беларускі, якая нарадзіла на польскай мяжы, патрабуюць 9000 долараў

Нагадаем, што на пачатку студзеня беларускія і польскія СМІ абляцела гісторыя, як мінчук Валянцін Юрчанка ў аўтамабілі прыняў роды ў сваёй жонкі на польскай мяжы. Дзіцё з'явілася на свет сямімесячным, і яго разам з мамай змясцілі ў клініку.

Цяпер беластоцкі шпіталь выставіў рахунак на суму каля 9000 долараў, піша інтэрнэт-газета "Салідарнасць". У такую суму абыйшлося 20-дзённае знаходжанне ў клініцы маці і дзіцяці.

Страхавая кампанія адмаўляецца кампенсаваць кошт лячэння. Па словах яе работнікаў, страхоўка не распаўсюджваецца на роды.

Па словах генконсула Беларусі ў Беластоку Аляксандра Берабені, беластоцкі шпіталь не патрабуе ў беларусаў неадкладна аплаціць рахунак. Па словах дыпламата, за лячэнне жанчыны заплаціць яе муж, а грошы для маленькага Мішы гатовы пералічыць польскі фонд, які дапамагае неданошаным дзецям. Акрамя таго, паступіла прапанова ад вядомай польскай фірмы "Снежкі": яе кіраўніцтва таксама гатова дапамагчы аплаціць рахунак за лячэнне дзіцяці.