З сайта Мінэнерга Расіі выдалілі абвяржэнне заявы Лукашэнкі (відэа)

Абвяржэнне знікла вечарам 21 снежня, праз некалькі гадзін пасля таго, як было апублікавана. Атрымаць растлумачэнні ў Мінэнерга Расіі пакуль не ўдалося, адзначае БелаПАН.

Нагадаем, у пятніцу на сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што Беларусь і Расія дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2013 годзе ў аб'ёме 23 мільёнаў тон.

Гэтыя словы неўзабаве абвергла Мінэнерга Расіі. "Інфармацыя пра дасягненне дамоўленасці аб пастаўках 23 млн. тон расійскай нафты ў Рэспубліку Беларусь у 2013 годзе не адпавядае рэчаіснасці. На сённяшні дзень пагадненне пра аб'ёмы паставак у Рэспубліку Беларусь расійскай нафты ў 2013 годзе не падпісана", — гаварылася ў паведамленні ведамства.

Раней расійскі бок заяўляў, што аб'ёмы паставак абмяркоўваюцца ва ўвязцы з вырашэннем праблемы экспарту беларускім бокам растваральнікаў.