За пасаду прэзідэнта Францыі будуць змагацца Сарказі і Аланд
У першым туры выбараў яны набралі найбольшую колькасць галасоў. Усяго ў прэзідэнцкай гонцы ўдзельнічала 10 кандыдатаў.
Цяперашні прэзідэнт Францыі Нікаля Сарказі мае 26,1% галасоў выбаршчыкаў, а сацыяліст Франсуа Аланд набраў 28,8% галасоў. Гэта першы выпадак у гісторыі Францыі з 1958 года, калі дзеючы прэзідэнт займае другое месца. Франсуа Аланд 11 год ачольваў Сацыялістычную партыю Францыі, але на мінулых прэзідэнцкіх выбарах яе прадстаўляла былая жонка Аланда, Сегален Руаяль, якая прайграла Нікаля Сарказі.
Аланд у мінулым ніколі не займаў урадавых пасадаў. У ліку яго перамог — абранне мэрам невялікага мястэчка Цюль у дэпартаменце Карэз, які здаўна лічыцца бастыёнам Жака Шырака. У сваёй перадвыбарчай праграме канкурэнт Сарказі вылучае традыцыйныя для левых сіл сацыяльныя захады, прапануе павялічыць падаткаабкладанне самых заможных французаў для фінансавання праграм на карысці найменш забяспечаных слаёў насельніцтва. Крытыкі Франсуа Аланда называюць яго “недасведчаным і нерашучым” палітыкам. Але тым не менш ён фаварыт сёлетняй прэзідэнцкай гонкі.
Што да Нікаля Сарказі, то апазіцыя называе вынікі яго пяцігадовага кіравання Францыяй катастрафічнымі. Адзначаецца рост беспрацоўя ў краіне і падзення пакупніцкай здольнасці насельніцтва. Разам з тым дзеючы прэзідэнт здолеў умацавацца на міжнароднай арэне ў часе расійска-грузінскай вайны 2008 года і ў часе леташняга крызісу ў Лівіі.
Вынік другога тура, які адбудзецца 6 траўня, будзе залежаць ад таго, каго з двух лідараў падтрымаюць астатнія восем кандыдатаў, у першую чаргу тыя, хто набраў заўважную колькасць галасоў. Гэта лідарка Нацыянальнага фронту Марын Лё Пэн (18,5%), прадстаўнік “Левага фронту” Жан-Люк Меланшон (11,7%) і кандыдат-цэнтрыст Франсуа Байру (8,5%). Астатнія кандыдаты набралі не болей чым па 1-2% галасоў.
Прадстаўнік левых Меланшон адразу заклікаў галасаваць у другім туры за Аланда, а вось Лё Пэн і Бэйру ад выказвання падтрымкі пэўнаму кандыдату ўстрымаліся. Між тым менавіта паводзіны электарату нацыяналістаў Лё Пэн вызначаць, ці мае Сарказі нейкія шанцы ў другім туры. Варта адзначыць, што Марына Лё Пэн дасягнула гістарычнага рэкорду для сваёй партыі, такой колькасці галасоў нацыяналісты яшчэ ніколі не набіралі.
Сарказі ў вечар падліку галасоў прапанаваў свайму апаненту правесці тэледэбаты ў жывым эфіры. Ён лепшы аратар, чым Аланд, і дзякуючы дэбатам спадзяецца ліквідаваць адрыў ад свайго канкурэнта, пра які гавораць сацыялагічныя службы.