Замест помніку ахвярам тэракту ў мінскім метро будзе шыльда
Пра гэта 14 верасня паведаміў кіраўнік Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька.
Па яго словах, якія перадае Радыё "Свабода", конкурс на мемарыяльную шыльду ўжо абвешчаны. Усе ахвяры тэракту будуць ушанаваныя ў крыпце ў храме-помніку "У гонар усіх святых і бязвінна забітых у Айчыне нашай" па вуліцы Каліноўскага. Тамсама будуць увекавечаныя імёны загінулых у трагедыі на станцыі метро "Няміга", паведаміў чыноўнік.
Нагадаем, 11 красавіка ад выбуху на станцыі метро "Кастрычніцкая" загінулі 15 чалавек, а больш за 200 апынуліся ў шпіталях. Нядаўна дзяржаўныя СМІ паведамілі, што свае заяўкі на стварэнне помніка ахвярам тэракту падалі 11 творцаў.