Замежная фірма ў Брэсце замінае ствараць прафсаюзную суполку
Створаная год таму суполка прафсаюза "Садружнасць" уваходзіць у афіцыйную Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі.
Як паведамляе газета “Вечерний Брест”, работнікі замежнага прадпрыемства з польскім капіталам “Стоміл Санок БР” дагэтуль спрабуюць адстаяць сваё права на прафсаюз. На сённяшні дзень ужо звольнены кіраўнік суполкі Яўген Даўгаполаў. Пад ціскам адміністрацыі колькасць сяброў суполкі скарацілася з 58 да 14 чалавек. Акрамя таго, кіраўніцтва заводу адмаўляецца падпісваць калектыўную дамову.
У сваю чаргу, дырэктар прадпрыемства Збігнеў Катарба запэўнівае, што ён працуе ў адпаведнасці з беларускім заканадаўствам і для работнікаў створаныя ўсе ўмовы. А падпісанне калектыўнай дамовы знаходзіцца на стадыі разгляду.
Пасля звароту работнікаў “Стоміл Санок БР” у Адміністрацыю прэзідэнта “разруліваць сітуацыю” даручылі Брэсцкаму абласному савету прафсаюзаў.
Фота — svaboda.org