Замежныя міністэрствы краін ЕС прысаромяць беларускіх амбасадараў

"Бліжэйшымі днямі беларускім амбасадарам у ЕС будзе данесена салідарнасць са шведамі. Усе ўдзельнікі паседжання пагадзіліся, што гэта не проста двухбаковая сітуацыя паміж Беларуссю і Швецыяй. Рашэнне беларускіх уладаў уплывае ў цэлым на адносіны паміж Еўрасаюзам і Беларуссю", — заявіў Олаф Скоог, старшыня Камітэта Савета ЕС па палітычных пытаннях і палітыцы бяспекі.

Камітэт дапамагае знешнепалітычнай службе ЕС у вызначэнні замежнай палітыкі і раіцца па найбольш важных пытаннях адносін з трэцімі краінамі.

На адным з бліжэйшых паседжанняў Савета ЕС будуць абмяркоўвацца санкцыі ў дачыненні да афіцыйнага Мінска. Олаф Скоог не паведаміў дакладна, што санкцыі пашыраць. Але ён заявіў, што пры прыняцці рашэння вызначальнымі будуць наяўнасць у Беларусі палітычных зняволеных і апошнія падзеі, у тым ліку дыпламатычны канфлікт са Швецыяй.

Фота — aztv.az