Заўзятары "Барселоны" скупляюць месцы ў мінскіх гатэлях
Паводле папярэдніх звестак, на матч БАТЭ — "Барселона" 28 верасня ў Мінск прыедуць каля 2000 іспанскіх футбольных заўзятараў.
Для замежных фанатаў вылучаныя два сектары на стадыёне "Дынама". Тым часам яны актыўна браніруюць месцы ў мінскіх гатэлях. Як адзначае onliner.by, на ўсіх заўзятараў месцаў у гатэлях можа і не хапіць.
Так, у гатэлі "Еўропа" кажуць, што на 28 верасня ўжо не засталося вольных нумароў. Праўда, там засяляцца будуць не простыя заўзятары, а дэлегацыі, прадстаўнікі клуба, абслуговы персанал.
У гатэлях "Планета" і "Мінск" працягваюць прымаць калектыўныя заяўкі з Барселоны. А самыя першыя нумары тут былі зарэзерваваныя адразу пасля абвяшчэння вынікаў лёсавання матчаў Лігі чэмпіёнаў.
Зараз у Мінску працуюць 27 гатэляў на 5400 месцаў. Суткі ў самым простым аднамесцавым нумары ў "Планеце" каштуюць 89 долараў, у "Юбілейнай" — 91, у "Мінску" — 183, у "Вікторыі" — 180, у "Еўропе" — 265 долараў.