Збітаму пры затрыманні фатографу адмовілі ва ўзбуджэнні справы

18 верасня ля ўніверсама “Фрунзенскі” ў Мінску былі затрыманыя журналісты: аператар Аляксандр Баразенка, фотакарэспандэнты Сяргей Грыц (Associated Press), Васіль Фядосенка (Reuters), Таццяна Зянковіч (EPA) і Павел Падабед (БелаПАН). Яны працавалі на перадвыбарчым пікеце актывістаў “Zмены”.

Падчас затрымання людзі ў цывільным моцна збілі Сяргея Грыца. Яму да крыві разбілі твар, зламалі акуляры. Пасля вызвалення фатограф зняў пабоі і звярнуўся ў той самы Фрунзенскі РУУС, куды яго прывезлі пасля затрымання, з заявай. Аднак у атрыманым адказе гаворыцца, што сілу ў дачыненні да журналіста міліцыя не выкарыстоўвала. А якім чынам і хто разбіў яму твар – невядома. Далейшыя звароты ў міліцыю фатограф лічыць бессэнсоўнымі.

 

“Не буду звяртацца больш нікуды, такіх планаў няма. Я лічу, што проста няма сэнсу”, - расказаў Сяргей Грыц карэспандэнту Еўрарадыё.

 

Разам з тым міліцыянты прызналі, што пры затрыманні прымянялі сілу ў дачыненні да актывістаў “Zмены” – Паўла Вінаградава, Аляксандра Арцыбашава і іншых.