Збожжа ад лідараў жніва прыдатнае толькі для вырабу спірту?

Камбайнёр камунальнай гаспадаркі “Брагінскі” Мікалай Дзегцярэнка першым намалаціў тысячу тон збожжа. Па традыцыі мінулых гадоў “Брагінскі” пачаў ўборачную кампанію адным з першых у краіне. Згодна са словамі галоўнага агранома “Брагінскага” Юрыя Ясінскага, на сёння ўбралі 1200 гектараў з агульных 2 тысяч.

“Па тэмпах нам яшчэ ўбіраць дзён 10 у лепшым выпадку. Цяжка ў гэтым годзе, Многія палі з пачатку пагарэлі. Пасля засухі былі дажджы, яравыя пагарэлі. У дзень памалочваюць і па 400 тон. Гэта максімум, а так па 300, па 250 тон, залежыць ад культуры”.


Як даведалася Еўрарадыё, ураджай з “Брагінскага” паступае на… “Гомельскі лікёра-гарэлачны завод. Пры гэтым аграном кажа, што норму па стронцыі брагінскае зерне праходзіць.

“Дапушчальная норма — 11 бекерэляў па стронцыі, у нас збожжа — 7 бекерэляў плюс хібнасць. Даходзіць да 8,5 бекерэляў пры норме 11 бекерэляў. У кожнага поля ёсць свае асаблівасці. Ёсць культуры, што больш назапашваюць радыяцыю, а некаторыя — менш”.


Застаецца незразумелым, чаму з брагінскага збожжа вырабляюць не хлеб, а толькі спірт, які не мае нормаў па стронцыі.

У суседнім Хойніцкім раёне ўборка ідзе больш марудна. Але 40 адсоткаў палёў ужо апрацавалі.

Аграном камунальнага прадпрыемства “Вялікаборскі” Уладзімір Бурак кажа, што для вырабу спірту іх збожжа не выкарыстоўваецца: з хойніцкага збожжа робяць хлеб.

“Збожжа накіроўваем па дзяржзамове ці пакідаем сабе на кармы. Накіроўваем у Рэчыцу на Камбінат хлебапрадуктаў. Бывае, аддаем збожжам даўгі. Паводле якасці — збожжа добрае. У нас 8 бекерэляў. Рапс накіроўваем на “Прыпяць” у Мазыр, дзе з яго вырабляюць алей”.


На “Рэчыцкім камбінаце хлебапрадуктаў” Еўрарадыё распавялі, што сёлета хойніцкае збожжа амаль не бракавалі, бо шмат яшчэ і не прыходзіла. Але па словах начальніка лабараторыі прадпрыемства Жаны Багацкай, збожжа з Хойніцкага раёна рэдка праходзіць норму па стронцыі.

“У адной гаспадарцы правяралі — 15 бекерэляў па стронцыі. Аддаюць на корм быдлу. У гэтым годзе была спёка, таму зерне шчуплае, а павінна быць буйное. Да гэтага пытання падыходзім жорстка. Калі мяжа — 11 бекерэляў, то мы выкарыстоўваем збожжа з узроўнем стронцыю 2-3 бекерэля. Наш хлеб можна есці спакойна!”.


На “Рэчыцкім камбінаце хлебапрадуктаў” параілі гаспадаркам Хойніцкага і Брагінскага раёнаў аддаваць зерне спіртавым прадпрыемствам — гэта больш выгадна эканамічна. Да таго ж, збожжа, з якога вырабляецца спірт, па стронцыі ніяк не нармуецца.

Фота: agro-max.ru