Жанчына з паўтарамесячным дзіцем выкінулася з сёмага паверху (АБНОЎЛЕНА)

Здарэнне адбылося ў Мінску на вуліцы Кіжаватава, паведамляюць інфармагенцтвы. На месцы здарэння працуе міліцыя.

Паведамляецца, што 36-гадовая жанчына прымала антыдэпрэсанты. 5 студзеня яна афіцыйна развялася з мужам, з якім не жыла са жніўня. Цела загінулай жанчыны знайшоў яе бацька. Ён вяртаўся дадому з прагулкі са сваёй старэйшай унучкай — старэйшай дачцэ загінулай мінчанкі 2,5 года.

Дарэчы, за апошнія паўгода гэта другі выпадак у Мінску, калі жанчына выкідваецца з акна са сваімі малалетнімі дзецьмі. Нагадаем, у канцы лета мінчанка скочыла з 9-га паверху разам з двума малалетнімі дзецьмі. Усе трое загінулі.

Фота — slova.by