Жонка Віталя Каўша просіць прызнаць факт гвалтоўнага знікнення мужа

Жанна Коўш спасылаецца на міжнародныя дакументы — у прыватнасці, на артыкул 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, які гарантуе кожнаму чалавеку права на свабоду і асабістую недатыкальнасць, і Міжнародную канвенцыю для абароны ад гвалтоўных знікненняў.

Віталя Каўша пакінулі без адваката, у невядомых умовах утрымання. Тым самым супрацоўнікі міліцыі хацелі пазбавіць яго абароны закона, лічыць праваабаронца Раман Кісляк. Жанна Коўш хоча пакласці канец гвалтоўным знікненням людзей у Беларусі, кажа Кісляк.

Нагадаем, 1 верасня Віталя Каўша на вачах жонкі і малога сына збілі каля дома і звезлі ў невядомым кірунку пяць мужчынаў у спартовых касцюмах. Два дні Жанне Коўш і бацькам Віталя адмаўляліся паведаміць, дзе ён знаходзіцца. 3 верасня ён знайшоўся ў следчым ізалятары.

Фота — bymedia.net