Жыхары Віцебску выйшлі на пошук дзяцей, якія зніклі 24 сакавіка
Васьмігадовыя Ігар і Ўладзік пайшлі пагуляць пасля школы і больш іх ніхто не бачыў.
На пошук двух хлопчыкаў, што зніклі 24 сакавіка, выйшлі ў выходныя жыхары Віцебску. Васьмігадовыя Ігар і Ўладзік пайшлі пагуляць пасля школы і больш іх ніхто не бачыў.
Міліцыянты кажуць, што робяць усё магчымае, каб знайсці дзяцей. Яны апытваюць жыхароў мікрараёна "Тыраспаль", дзе жывуць хлопчыкі, даследуюць рэчышча Заходняй Дзвіны, да пошуку прыцягвалі нават верталёты. Маці хлопчыкаў абыйшлі і аб’ехалі ўсё наваколле. Яны звярталіся і да гадалак, да экстрасэнсаў, аднак ніякіх слядоў дзяцей пакуль не знойдзена.
У нядзелю да пошукаў дзяцей падключылася грамадскасць. Некалькі дзесяткаў чалавек сабраліся ў мікрараёне "Тыраспаль", адкуль адправіліся па наваколлю. Тыя, хто мае асабісты транспарт, паехалі за горад, дзе, па чутках, бачылі нейкіх хлопчыкаў. Іншыя расклейвалі па горадзе ўлёткі з партрэтамі і прыкметамі Ігара і Ўладзіка. Незразумелым падалося тое, што амаль нідзе ў горадзе няма такіх афіцыйных арыентыровак. Людзі па сваёй ініцыятыве раздрукоўваюць іх і расклейваюць на прыпынках, ля буйных крамаў, нават у грамадскім транспарце.
Па інфармацыі з праваахоўных органаў, пошук працягваецца, да яго падключыліся вайскоўцы.