Злодзей пасля турмы "змяніў асобу", каб вярнуцца да крадзяжоў

Як паведамляе прэс-служба Брэсцкай абласной міліцыі, крадзяжы здзяйсняліся ў Баранавіцкім раёне. Пры дапамозе дамкрату падымаліся брамныя створкі гаражоў, злачынцы пранікалі ў памяшканне. Адтуль яны выносілі колы ды іншыя дарагія запчасткі.

Падчас пошукаў злодзеяў праваахоўнікі выйшлі на след грамадзяніна, які раней ужо быў судзімы за ўчыненне аналагічных злачынстваў. Пасля адбыцця папярэдняга пакарання ён нават паспрабаваў "змяніць асобу": пераехаў на сталае жыхарства ў Баранавічы, ажаніўся і ўзяў прозвішча жонкі.

Пасля гэтага ён аднавіў злачынную дзейнасць і, сапраўды, доўгі час мужчына разам з "партнёрам па бізнесу" не трапляў у поле зроку міліцыятаў.

Пасля збору патрэбных доказаў супрацоўнікі міліцыі злодзеяў затрымалі. Падазраваныя прызналіся ў здзяйсненні злачынстваў і паказалі, дзе захоўваюць скрадзенае. Зараз міліцыя высвятляе іх дачыненне да іншых падобных крадзяжоў.