Змяняецца парадак выдачы віз замежнікам у аэрапорце “Мінск”
Новыя правілы пачнуць дзейнічаць з 1 верасня.
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Візавых правілаў, якую зацвердзіў Савет Міністраў 31 траўня 2012 года, парадак афармлення беларускіх віз у Нацыянальным аэрапорце “Мінск” аптымізаваны. Грамадзянам дзяржаў, у якіх ёсць беларускія дыппрадстаўніцтвы і консульскія ўстановы, трэба будзе адкрываць візы на месцы, а не ў Беларусі. У аэрапорце ім аформяць дакументы толькі з вельмі сур’ёзных прычынаў.
На адкрыццё беларускай візы па прыбыцці ў Мінск могуць разлічваць асобы, якія афіцыйна запрошаныя кіраўніком краіны, урадам, парламентам, а таксама шэрагам іншых ведамстваў і органаў кіравання. Таксама гэта тычыцца тых замежнікаў, якія тэрмінова прыляцелі ў Беларусь з прычыны хваробы ці смерці сваяка. Ёсць яшчэ катэгорыя “іншых выпадкаў па ўказанні галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС”.
Права на атрыманне візы проста ў аэрапорце павінна быць пацверджана дакументамі. Пры гэтым беларускія візы не выдадуць замежнікам, якія прылятаюць у нашу краіну з Расіі, інфармуе Дзяржаўны памежны камітэт.